Партыя свабоды рускага народа
Партыя свабоды рускага народа | |
---|---|
ПСРН | |
Дата заснавання | 2 лістапада 1956 года |
Дата роспуску | 9 лютага 1957 года |
Штаб-кватэра | Гомель |
Ідэалогія |
Антыкамунізм Дэмакратызм |
Колькасць членаў | 5 |
Партыя свабоды рускага народа (ПСРН) — адно з першых аб’яднанняў агульнадэмакратычнага характару, якое існавала ў Гомелі з 2 лістапада 1956 года да 9 лютага 1957 года.
Утварэнне
[правіць | правіць зыходнік]Партыя свабоды рускага народа была заснавана 2 лістапада 1956 года на сустрэчы М. Грачухі, памочніка санітарнага лекара абласной санэпідэмстанцыі, з Ф. Казлоўскім, загадчыкам крамы. У прыватнай гутарцы па абмеркаванні працэсаў у Венгрыі і Егіпце знаёмыя прыйшлі да размовы пра неабходнасць заснавання арганізацыі на манер партый, якія існуюць у краінах з дэмакратычнымі традыцыямі. Ініцыятыва сыходзіла ад М. Грачухі. У той жа дзень з гэтай ідэяй быў азнаёмлены прадавец мясакамбіната Г. Віннікаў, які, паводле ўласных слоў, выразіў палкае жаданне далучыцца да незалежнага руху. У тым жа месяцы ў арганізацыю ўступілі электраманцёр Гомельскай ЦЭС М. Дзехцяроў і гравёр фабрыкі «Палесдрук» А. Яткін. Апошні зрабіў пячатку арганізацыі і вынес з фабрыкі шрыфт для вырабу ўлётак і вокладак партбілетаў.
Дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Прадугледжваліся таксама розныя сродкі барацьбы з камуністычным рэжымам. М. Грачуха адстойваў паступовую і крапатлівую працу па прыцягненні новых сябраў партыі. Ф. Казлоўскі выступаў за больш радыкальныя дзеянні — за збор зброі, выпуск улётак, арганізацыю радыёпрапаганды.
Пакаранне
[правіць | правіць зыходнік]9 лютага 1957 года былі арыштаваныя М. Грачуха, Ф. Казлоўскі, А. Яткін, крыху раней Г. Віннікаў, а 16 лютага 1957 года — М. Дзехцяроў. 16 верасня 1957 года рашэннем Судовай калегіі па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда сябры арганізацыі асуджаныя: М. Грачуха, Ф. Казлоўскі на 10 гадоў пазбаўлення волі, Г. Віннікаў на 5 гадоў пазбаўлення волі, А. Яткін на 3 гады, М. Дзехцяроў — 1 год. Усе яны абвінавачваліся ў стварэнні антысавецкай арганізацыі, выпрацоўцы Статута і прысягі, падрыхтоўцы да выпуску ўлётак.
Склад
[правіць | правіць зыходнік]Сярод заснавальнікаў ПСРН былі 2 беларусы, 2 рускія, 1 украінец. Удзельнікамі былі:
- М. Грачуха
- Ф. Казлоўскі
- А. Яткін
- Г. Віннікаў
- М. Дзехцяроў
Асноўныя пункты праграмы
[правіць | правіць зыходнік]На паседжаннях бюро ПСРН (5 і 12 студзеня 1957 года), якія адбываліся на кватэры Ф. Казлоўскага, быў выпрацаваны Часовы статут і некаторыя праграмныя палажэнні партыі. Асноўнымі пунктамі праграмы былі:
- Прызнанне права прыватнай уласнасці на зямлю, вытворчасць і сродкі вытворчасці.
- Будаўніцтва дэмакратычнага грамадства.
- Адмаўленне кіроўнай ролі КПСС.
- Шматпартыйнасць.
- Дэклараванне дружбы народаў Вялікай Расіі і ўсяго свету.
Ад сябраў партыі патрабавалася выкананне задач па паляпшэнні жыцця народа і здзяйснення дэмакратычных асноў.
Прысяга
[правіць | правіць зыходнік]Клянуся перад абліччам свайго народа аддаць усе сілы вызваленню рускага народа ад камуністычнага прыгнёту.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Беларускія антыкамуністычныя рухі канфесійнай і агульнадэмакратычнай накіраванасці
- Дэмакратычная апазыцыя Беларусі (1956—1991). Даведнік